МАГНІТАМЯ́ККІЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ, магнітна-мяккія матэрыялы,
фера- і ферымагнетыкі з малым значэннем каэрцытыўнай сілы (Hc < 800 А/м). Характарызуюцца высокімі значэннямі магнітнай пранікальнасці, якія дасягаюцца зніжэннем энергій магнітна-крышт. і магнітапругкай анізатрапіі (гл. Магнітная анізатрапія).
М.м. з’яўляюцца: тэхнічна чыстае жалеза, нізкавугляродзістая і электратэхн. (крамяністая) сталь; крышт. сплавы жалеза з нікелем (пермалой), з нікелем і кобальтам (пермінвар), з кобальтам і дабаўкамі ванадыю (пермендзюр), з алюмініем (алфер), з алюмініем і крэмніем (алсіфер); аморфныя сплавы на аснове жалеза, кобальту, нікелю з дабаўкамі (да 20%) бору, крэмнію, вугляроду і інш. элементаў (амарфізатары); ферыты; магнітадыэлектрыкі. Найб. высокія значэнні магн. пранікальнасці маюць метал. М.м., якія выкарыстоўваюць пры рабоце на частотах да 105 Гц, на частотах 104—108 Гц выкарыстоўваюць магнітадыэлектрыкі, нікель-цынкавыя ферыты, ферыты-гранаты. З М.м. вырабляюць асяродкі і полюсныя наканечнікі магнітаў, магнітаправоды, трансфарматары, розныя прылады ЗВЧ. Гл. таксама Магнітныя матэрыялы.
Г.І.Макавецкі.
т. 9, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)